1 Судьбы гуманистической традиции в классической и современной культуре Литературоведение и фольклористика




старонка8/16
Дата канвертавання30.04.2016
Памер4.48 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   16
злёсах паэта катэгорыі часу і прасторы рэалізуюцца па тым жа прынцыпе, што і ў квантэмах. Але калі ў апошніх А. Разанаў стварае малюнак пэўнага моманту жыцця, то ў злёсах назіраецца дынаміка падзей, адлюстроўваецца не адна карціна, а некалькі. Ужо сама назва згаданага жанру з’яўляецца пацверджаннем гэтага: перад намі не жыццёвыя моманты, а цэлыя лёсы. Прычым гаворыць паэт пра лёс не толькі канкрэтнай асобы – рыжагаловага хлопчыка з палескай вёскі (злёса «Простая лінія»), старога чалавека («Бульбінкі») або жанчыны («Свечкі»), а і пра агульначалавечы наогул, ствараючы бязмежную прастору і час, які стралою імчыць да мэты («Туды»):

ні малады куды

туды ні стары

ў сусветы

сцелецца цэль

і ляціць страла [10, с. 38].

Мы ўжо ўпэўніліся ў тым, што адна з самых неадназначных і непастаянных катэгорый у творчасці паэта – катэгорыя часу. Знаходзіць яна сваё адлюстраванне і ў зномах – кароткіх філасофскіх афарыстычных даследаваннях пра сутнасць быцця і яго адлюстраванне ў мастацтве, пра чалавека і прыроду. Недарэмна паводле А. Разанава чалавек – «часавек»: ён пераводзіць час са статусу будучыні ў статус мінулага:



Час ад часу чалавек адчувае, што яго жыццё

толькі пярэдадзень іншага жыцця, у якое ён

пастаянна ўступае і пастаянна не можа ўступіць.

Уся няпростасць у тым, што яно, гэтае жыц-

цё, знаходзіцца за мяжою самога часу, яно не

сённяшняе”, а “пазасённяшняе” і каб дасягнуць



яго, неабходна самому станавіцца “пазасённяш-

нім” [11, с. 76].

Мы жывем у свеце, дзе вечар змяняецца раніцай, жыццё – смерцю, дзе час мэтанакіравана рухаецца ў адзін бок. Плынь часу і плынь жыцця вельмі блізкія і падобныя. Але, зыходзячы з філасофскай канцэпцыі А. Разанава, яны не з’яўляюцца тоеснымі і ніколі не перасякуцца, нягледзячы на тое, што з’яўляюцца ўзаемазалежнымі. Таму ў А. Разанава шлях чалавека параўноўваецца з плынню ракі паміж берагамі, якія сімвалізуюць жыццё і смерць:



На гэтым беразе кожны чытае сябе

па словах і лічыць сябе па лічбах, на тым

загадзя злічаны і прачытаны [6, с. 178].

(“Кожны”)

Такім чынам, літаратура перастварае быццё паводле аблічча і падабенства свету рэальнага. Яе хранатоп – прасторачас – таксама мае чатыры бачныя каардынаты. Але літаратурныя прастора і час не ізаморфныя ў дачыненні да рэальных прасторы-часу. Катэгорыя часу ў творах А. Разанава рэалізуецца праз выражэнне ўласна часу, бясчасся і прадчасся. Апошнія два пануюць пераважна ў вершаказах. Разважаючы над адносінамі чалавека і прыроды, ствараючы прыродныя замалёўкі, паэт адлюстроўвае цыклічнасць часу ў сваіх пункцірах. Больш складанымі названыя катэгорыі падаюцца ў версэтах, калі дэманструюць сваю парабалічнасць або скрыжоўваюцца такім чынам, што ўяўляюцца лірычнаму герою небяспекай, выклікаючы ў яго адзінае жаданне перайначыць свет. Паэт прыходзіць да высновы, што імгненне раўназначна вечнасці, а чалавек ў яго зномах ператвараецца ў «часавека». Такая якасць часу, як працягласць, найбольш яскрава рэалізуецца ў версэтах і злёсах. Што датычыць прасторы, то ў творах А. Разанава яна падаецца як звужанай, абмежаванай садам, домам, паўстанкам, вёскай, дарогай, так і бязмежнай. Аналізуе паэт і ўнутраную прастору (пераважна ў квантэмах). У выніку, імкнучыся разгадаць існасць быцця, А. Разанаў, як адзначана ў адным з яго пункціраў, «сшывае час і прастору суровай ніткай» [5, с. 135].
Літаратура

1 Бахцін, М. М. Пытанні літаратуры і эстэтыкі. Даследаванні розных гадоў / М. М. Бахцін. – Масква : Мастацкая літаратура, 1975. – 504 с.

2 Баршчэўскі, Л. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён : папулярныя нарысы / Л. П. Баршчэўскі, П. В. Васючэнка, М. А. Тычына. – Мінск : Радыёла-плюс, 2006. – 596 с.

3 Бахцін, М. М. Эстэтыка слоўнай творчасці / М. М. Бахцін. – Масква : Мастацтва, 1986. – 445 с.

4 Кісліцына, Г. М. Алесь Разанаў: Праблема мастацкай свядомасці / Г. М. Кісліцына. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – 143 с.

5 Разанаў, А. С. Дождж: возера ў акупунктуры : пункціры / А. С. Разанаў. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2007. – 162 с.

6 Разанаў, А. С. Лясная дарога: версэты / А. С. Разанаў. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2005. – 200 с.

7 Ціхановіч, Т. А. Дынаміка жанравай фонасемантыкі паэзіі Алеся Разанава : аўтарэф. дыс. на атрым. вуч. ступ. канд. філал. навук: 10.01.08 / Т. А. Ціхановіч. – Мінск, 2009. – 22 с.

8 Разанаў, А. С. Вастрыё стралы : версэты, паэт. мініяцюры / А. С. Разанаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 159 с.

9 Разанаў, А. С. З апокрыфа ў канон : гутаркі, выступленні, нататкі / А. С. Разанаў. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2010. – 138 с.

10 Разанаў, А. С. І потым нанава пачаць : квантэмы, злёсы, вершаказы / А. С. Разанаў. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2011. – 102 с.

11 Разанаў, А. С. Сума немагчымасцяў : зномы / А. С. Разанаў. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2009. – 122 с.

УДК 398.33(476.2-37Ветка)
В. С. Новак
Каляндарна-абрадавы фальклор Веткаўшчыны: лакальныя асаблівасці

У артыкуле аналізуюцца розныя з’явы каляндарна-абрадавага фальклору Веткаўскага раёна, сярод абследаваных населеных пунктаў якога – вёскі Шарсцін, Старое Сяло, Залаты Рог, Данілавічы, Стаўбун, Казацкія Балсуны і інш. Каштоўнасць у плане вывучэння мясцовых асаблівасцей фальклорна-этнаграфічных традыцый уяўляюць непасрэдныя ацэнкі тых ці іншых абрадаў і звычаяў з пункту гледжання носьбітаў, так званыя мемараты інфарматараў, іх успаміны аб тым, як адзначаліся ў іх мясцовасці, напрыклад, зімовыя і веснавыя святы. Сабраныя ў палявых экспедыцыях фактычныя матэрыялы дапамагаюць рэканструяваць структуру абрадавых комплексаў Веткаўшчыны, выявіць агульнаэтнічную аснову і спецыфічна адметныя рысы.

Каляндарна-абрадавы фальклор Веткаўскага раёна вылучаецца багаццем і архаічнасцю фальклорна-этнаграфічных з’яў. Засяродзім увагу на характарыстыцы асобных відаў зімовай і веснавой каляндарнай абраднасці, пры гэтым будзем абапірацца на фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, запісаныя ў вёсках Веткаўскага раёна.

Сціплыя звесткі, запісаныя пра Піліпаўскі пост на Веткаўшчыне, засведчылі наступныя асноўныя моманты, звязаныя з яго правядзеннем: прыбіранне ў хаце (“В доме перад празнікам убіралі” – в. Старое Сяло) [1*]; прадзенне (“Жэншчыны і дзеўкі сабіраліся гуртам і пралі” – в. Старое Сяло) [2*]; выкананне песень сямейна-бытавой скіраванасці (“Пелі песні пра гурочкі” – в. Стаўбун) [3*]; (“Песні пелі. Разные былі: і пра абманутую дзеўку, і пра зіму, і пра снег…” – в. Старое Сяло) [1*].

Што датычыць зімовай абраднасці, то калядна-навагодні комплекс Веткаўшчыны, як і ў іншых раёнах Гомельшчыны, мае і тыповыя традыцыйныя рысы, і адметныя кампаненты, і спецыфічныя мясцовыя асаблівасці, і па-мясцоваму характэрныя рытуалы віншавальна-абыходнага, прадуцыравальнага і прагнастычнага характару. Падрыхтоўка абрадавай стравы – куцці і святкаванне першай, другой і трэцяй куцці – важныя традыцыйныя моманты ў сістэме калядна-навагодняй абраднасці. “Семантыка калядных абрадаў на куццю, атмасфера і мера рытуалізацыі часавай яе прасторы, таямніча-ўрачысты лад святкавання сведчаць аб вялізнай ролі, прыдаванай старажытным земляробам Калядам у лёсе гаспадаркі і сям’і. Абрадавая ўрачыстасць адбывалася на ўзроўні свяшчэннадзейства” [1, c.172]. Жыхары Веткаўшчыны пацвердзілі той факт, што ў іх мясцовасці адзначалі ўсе тры вечары пад назвай “куцця”: “Куцця первая посная, а втарая ета шчадроная (скаромная), трэцяя – крашчэнская – ета посная” запісана ў в. Шарсцін [4*]. Звычайна для падрыхтоўкі куцці выкарыстоўвалі зярняты пшаніцы (“гэта была каша з пшаніцы, унасілі ў хату, ставілі на кут” –запісана ў в. Залаты Рог) [5*]; розныя зерневыя культуры (“куццю дзелалі. З любога зерня дзелалі” – запісана ў в. Старое Сяло) [1*]; зярняты ячменю (“куццю варылі з ячменнай крупы” – запісана ў в. Старое Сяло) [2*]; пярлоўку (“Яшчэ гушчу варылі з пярлоўкі” – запісана ў в. Вялікія Нямкі) [6*].

Абавязковае загортванне гаршка з куццёй у сена і ручнік мела ў каляднай традыцыі в. Прысно мясцовыя сімвалічныя тлумачэнні: “Гаршчок з куццёй абізацельна заварачывалі ў сена, а затым у рушнік і ставілі яго на покуць пад віконы. Счыталі, што сена з покуці прынясе скаціне павялічэнне пагалоўя, а тым рушніком, на якім стаяла куцця, уся сям’я ўціралася. Счыталі, што гэты ручнік сціраў усе грахі і прыносіў дастатак у хату” (запісана ў в. Прысно) [7*].

У каляднай традыцыі в. Шарсцін было прынята рэшткі куцці і сена, што ляжала на калядным стале пад абрусам, аддаваць курам, “штоб куры нясліся. І на тое сена садзіліся. І скаціне сена аддавалі, штоб не балела” [4*]. Што датычыць сена, то ў розных вёсках Веткаўскага раёна магічнае значэнне гэтага важнага прадметнага атрыбута мела апатрапеічную скіраванасць: “Сена была, каб каровы добрае малако давалі і не захворвалі” (запісана ў в. Залаты Рог) [5*]. Паводле сведчанняў жыхароў в. Залаты Рог, сена з каляднага стала выкарыстоўвалі, каб “карова добрая была, харашо цялілася” [8*].

У в. Новы Мір “сена клалі пад куранятак, пад курыцу і сыпалі ў яечкі тое сена, што пад куццю лажылі. Нясеш куццю і ціўкаеш: “Ціў, ціў, ціў!”, штоб кураняты былі” [9*]. Адметным момантам у каляднай традыцыі в. Старое Сяло з’яўляецца падкладванне пад парог саломы, што сімвалізавала засцярогу ад уздзеяння звышнатуральных сіл: “Як мамка казала, гэта як пасцелька дамавічку” [1*].

З другой куццёй у в. Перавессе было звязана распальванне вогнішча, скокі праз якое выконвалі з мэтай засцярогі ад хвароб, усяго дрэннага: “Шчэ трынаццатага вечарам палілі касцёр. Усе прыгалі цераз касцёр. Лічылі, што ўсё плахое згарае ў ім. Прыгалі, штоб балезней не было” [10*].

У структуры калядна-навагодняга комплексу Веткаўшчыны важнае месца адводзілася рытуальным дыялогам, звязаным з заклінаннем, кліканнем марозу на вячэру. Як сведчаць палявыя матэрыялы, аснову славесных формул складаюць матывы просьбы (“Мароз, мароз, хадзі кашу есць, штоб летам не бываў, цвятоў не аббіваў, ідзі кашу еш”– запісана ў в. Прысно [11*], забароны прыходзіць (“Мароз, мароз, пашлі к нам куццю есці. Не хадзі, када мы з сярпом, а хадзі, када завём!” – запісана ў в. Старое Сяло [2*]; або пагрозы (“Мароз, мароз, хадзі гушчу есці. Улетку не бывай, цвятоў не збівай, а то будзем жалезнай пугай цябе біць” (в. Неглюбка) [12*].

Рытуал заклікання марозу ў в. Шарсцін выконваўся на першую куццю: “Дзед Мароз, хадзі к нам куццю есць. Не еш ні капусты, ні гуркоў, ні там ячмені, ні пшаніцы” [4*]. Жыхары в. Новы Мір засведчылі, што ў іх мясцовасці рытуал заклікання марозу выконвалі на трэцюю куццю: “Мароз, мароз, хадзі гушчу есць…”, – гавару так, штоб не марозіў ні капусту, ні памідоры, ні агуркоў. І так на кожным вакну і на дзвярах папішу”(запісана ў в. Новы Мір [13*]. Зыходзячы з палявых матэрыялаў, у в. Новы Мір таксама “на вячэру запрашалі дзядоў” [9*]; што пацвярджае захаванасць у каляднай абраднасці ўяўленняў, звязаных з культам продкаў.

У мясцовай традыцыі в. Залаты Рог галоўным персанажам у рытуале заклікання марозу выступаў фантастычны персанаж Дзед Мароз: “Вечарам усе збіраліся дома, садзіліся за стол, звалі Дзеда Мароза: “Дзед Мароз. Хадзі кашу есць. Не пойдзеш, будзем кнутам біць” [5*]. У дадзенай вербальнай форме яскрава выражаны матыў пагрозы ў адносінах да названага персанажа. Матыў павагі- просьбы да марозу складае аснову славеснай формулы, якой суправаджаўся рытуал яго заклікання ў в. Старое Сяло: “Ой, Мароз, Мароз Іванавіч. Не марозь ты нас увесну, улетку, а марозь сяйчас, прынясі ж нам харошы ўраджай” [1*].

З рэшткамі куцці, што аддавалі курам, была звязана, паводле народных уяўленняў, прадуцыравальная і засцерагальная магія: “Куцця асталася – курам аддаюць, штоб куры нясліся. І на тое сена садзіліся, штоб нясліся. І скаціне сена аддавалі, штоб не балела” [4*]. На пытанне, з якой мэтай клалі на стол сена і засцілалі яго абрусам, жыхары в. Залаты Рог адказалі, што так рабіць трэба было, каб “сена была, каб каровы добрае малако давалі і не захворвалі” [5*]. У іншай інтэрпрэтацыі запісаны гэтыя звесткі ў в. Новы Мір: сена, якое ляжала пад абрусам, давалі карове, каб не “глядзеў злы хто”.

Акрамя выканання абраду ваджэння казы, у в. Залаты Рог меў месца адметны звычай “хадзіць з павай”: “Гэта самая лучшая дзевка ў сяле, яе выбіралі, адзявалі, рабілі вянкі. Кветак не было, дык іх з бумагі выразалі, а самы лучшы вянок у павы. Вадзілі харавод і пелі песню паве:

Пава, пава па двару лятала,

Пер’я збірала, у рукавок клала,

Сабе парня выбірала.

– Паранёк красівы, не абхадзі двор,

Захадзі к нам,

Я цябе любіць буду,

За табою добра жыць буду” [5*].

Акрамя маскі казы, у калядным гурце веткаўчан былі і іншыя, напрыклад, маска мядзведзя. Аб гэтым запісаны падрабязныя звесткі ў в. Акшынка: “Возьмуць шубы, адну на ногі ў рукавы ўдзенуць, а другую – на рукі, вывернуць ды падпярэжуцца – гэта ўжо ці каза, ці мядзведзь… Тады ўжо ідуць у хату і кажуць мядзведзю: “Ну-ка, Міша, як ты пчол адмахваеш?”. Мядзведзь павінен паказаць. Потым: “Міша, як ты танцуеш?” А мядзведзь тады ўжо пойдзе танцаваць і робіць усё, што яму загадваюць” [14*].



На Крашчэнне ў вёсках Веткаўскага раёна выконвалі наступныя рытуалы: наведванне царквы і выкананне малебну, высяканне з лёду крыжа, абліванне яго бураковым расолам, упрыгожванне ёлкамі, пасвячэнне вады, маляванне крэйдай крыжыкаў на сценах гаспадарчых пабудоў і інш. Выкананне апошніх рытуалаў было звязана з апатрапеічнай магіяй: “Прыходзіш дамоў, вады нап’ешся, ёлачкі гэтыя возьмеш, вадой пасвеціш і ў хаце, і ў сараі, штоб скот здаровы быў, штобы людзі здаровыя былі…” (запісана ў в. Новы Мір [13*]. Прадметны атрыбут – “ёлачкі” – выкарыстоўвалі на Крашчэнне і ў в. Залаты Рог. Дзеянні, якія выконваліся з імі, паводле народных меркаванняў, павінны паўплываць ў будучым на здароўе як членаў сям’і, так і свойскай жывёлы: “Усе пап’юць у сям’е воду, каб здаровы былі, не балелі” [15*]. У мясцовай традыцыі в. Перавессе вялікае значэнне надавалі падрыхтоўцы да святкавання Трэцяй куцці (крашчэнскай). З чысцінёй хаты вяскоўцы звязвалі адсутнасць пустазелля на агародах. З гэтай мэтай “васямнаццатага ўранні вымяталі печ, патом хату, каб усё было чыстым. Лічылі, калі ў хаце чыста будзя, то і летам агарод будзя чыстым, без бур’яноў” [10*]. У дзень святкавання Крашчэння таксама выконвалі дзеянні, якія мелі на мэце паспрыяць пладавітасці свойскай жывёлы (“уранні дзевятнаццатага няслі куццю скату, штоб вялісь ягняткі, цяляткі, парасяткі”) [10*]; напрыклад, захаванню яек (“сыпалі курям зярно ў адным месце, каб неслісь умесце”) [10*]. Адметнай лакальнай асаблівасцю дзеянняў, звязаных з Трэцяй куццёй у в. Старое Сяло, калі ўжо прыбіралі ўсё са стала, з’яўлялася пасыпанне кашы “у кружок” з адпаведным славесным прыгаворам: “Колькі на Хрышчэнне ў кашы крупінак, штоб столькі ў мяне было куранятак, штоб столькі ў мяне было гусянятак” [16*]. У мясцовай каляднай абраднасці важнае месца адводзілася варожбам шлюбнай і гаспадарчай скіраванасці. Тэксты, якія суправаджалі варажбу ў вёсках Веткаўскага раёна, можна класіфікаваць па тых прадметных атрыбутах, якія выкарыстоўваліся моладдзю. Варажба адбывалася на штыкецінах (“Дзеўкі сабіраліся, абнімалі прасла. З закрытымі вачамі падыходзілі, а патом счыталі. У пары – пойдзеш замуж, не – дык не пойдзеш”– запісана ў в. Залаты Рог) [5*]; на блінах (“А яшчэ блін пяклі. Каго першага мужчыну ўстрэціш, дай блін з’есці, спрасі, як яго імя, так і суджанага будуць зваць, а калі жанчыну сустрэнеш, то замуж не пойдзеш”– запісана ў в. Новы Мір [13*]. на абутку (“Сапагі кідалі цераз крышу: у які бок наском павернецца, у тым баку і жаніх будзе” – запісана ў в. Новы Мір) [13*]; на зярнятах (“Возьмуць дзеўкі, калі ў рад сядзяць на палу, курыцу, нясуць і насыплюць патрошкі зерна. Еслі мая там паперад: “Ой, ета пойдзе замуж!” А як не чапае зерня, значыць, пойдзе замуж на другіх Калядах” – запісана ў в. Новы Мір) [13*]. Калі прыведзеныя тэксты варожбаў мелі тлумачальны характар, то пры выкананні іншых выкарыстоўвалі люстэрка, свечкі, і звязаны яны былі, як здавалася на першы погляд, з чарадзействам. Самі жыхары лічылі такую варажбу страшнай: “Са свечкамі варажыць – ета страшна. Судзьбу ў бане вызывалі. Бралі зеркала і свечку, ставілі і казалі тры разы: “Суджаны-раджаны, Богам дадзены, паявіся”. Як толькі ўбачыш што-нібудзь, трэба хутка глянуць ды перакрываць чым-небудзь зеркала, а то дух можа пакараць альбо задушыць” (запісана ў в. Залаты Рог) [5*]. Як адзначыў вядомы фалькларыст А.С. Ліс, “этнографамі зафіксавана на Беларусі да дваццаці мантычных спосабаў даведацца пра будучыню з дапамогай рознага абрадавага рэквізіту. Адзін з найбольш папулярных і паважных адначасова – “апаланне” паясоў (пацерак)” [1, с. 174]. Адзначана падобная варажба і на Веткаўшчыне: “Дзеўкі бралі ўплёты, штук 15, і палалі. Каторы ўплёт выскача, тая і замуж першая пойдзе” (запісана ў в. Неглюбка) [12*].

У аснове пераважнай большасці запісаных варожбаў у вёсках Веткаўскага раёна – вызначэнне лёсу па брэху сабакі: “На Ражджаство падмятуць хату, мусар, смецце сабіраюць у вузялок і нясуць на ростанькі. Цераз галаву кінуць, дзе што пачуеш, тое і будзе. У якім баку сабака забрэша, туды замуж пойдзеш” (запісана ў в. Неглюбка) [17*]. “Абсалютная большасць варожбаў грунтавалася на міфалагічным светасузіранні і міфапаэтычнай свядомасці У аснове семантыкі іх ляжала семільная магія” [1, c. 175].

Адным з важных структурных кампанентаў калядна-навагодняга комплексу з’яўляюцца прыкметы і павер’і, сярод якіх асаблівай цікавасцю вылучаюцца наступныя, па-першае, звязаныя з ураджайнасцю, з прадуцыравальнай магіяй: “А штоб радзілі гарбузы, то той гарбуз, што на семяно аставілі, нада разбіць і, як толькі первыя шчадравікі зайдуць у хату, выбраць семкі” (запісана ў в. Прысно, па-другое, прыкметы і павер’і, якія прадказваюць надвор’е: “Калі на дзярэўях іней быў – на ўраджай, на грыбы, ягады” (запісана ў в. Казацкія Балсуны) [18*].

Масленічны абрадавы комплекс Веткаўшчыны ўключае наступныя як агульнатрадыцыйныя, так і мясцовыя рытуалы: падрыхтоўка абрадавай стравы (“Пякуць бліны з маслам, сыр заліваюць маслам” – в. Данілавічы), катанне на санках з горак, а таксама вакол драўлянага слупа, да якога прывязвалі санкі (“Ставілі дзеравянны кол, прывязвалі да яго сані і каталіся” – в. Залаты Рог), віншаванне тых маладых людзей, якія ўзялі шлюб (“Калодку не цягалі, а толькі тыя маладыя, што нядаўна свадзебку гулялі, хадзілі па хатах і іх паздравлялі, усяго ім жалалі” – в. Залаты Рог), частаванне блінамі зяця (“Калі ў якой сям’і быў первы год зяць, то цешча пякла бліны і прыглашала на іх зяця з сям’ёй” – в. Перадавец; “Быў такі звычай, калі зяці абавязкова ездзілі к цёшчам загаўляць” – в. Янова), “ваджэнне банкетаў” (“На Масленіцу банкет вадзілі. Сабіралася двароў пяць, хадзілі старыя, пажылыя, дзевачкі не хадзілі, песні пелі, выпівалі” – в. Неглюбка), аб’езд маладых коней (“Каней маладых аб’язджаюць, катаюцца на конях, на санях з горак” – в. Янова), прывязванне ступы да нагі нежанатага хлопца, які павінен быў адкупіцца (“На Масленіцу нежанатаму ступу прывязвалі да нагі, і ён адкупліваўся салам або хлебам” – г. Ветка).

Гуканне вясны на Веткаўшчыне адбывалася і на Аўдакею, і на Саракі, і на Благавешчанне. У яе структуры вылучаліся такія абрадавыя кампаненты, як выхад на высокае месца (“Выхадзілі на высокае места, над рэчкай, пелі песні” – в. Стаўбун), выбар дзяўчыны на ролю вясны (“Адну дзяўчыну прыбіралі лучшэ ўсех. Яна была як каралева-вясна” – в. Старое Сяло), распальванне вогнішча (“Вогнішча паліць за дзярэўню хадзілі” – в. Данілавічы), спальванне чучала зімы (“Як вясну завуць, а зіму праганяюць, у нас дзелалі старца. Старац – гэта чучала такое бальшое” – в. Навасёлкі), гушканне на арэлях (“Калыхаліся на арэлях” – в. Прысно), падрыхтоўка абрадавага печыва (“Пяклі з цеста птушак, галушкі” – в. Казацкія Балсуны; “На Соракі дзелаюць цеста, пякуць храсты, галачкі дзелаюць” – п. Станкі). На пытанне, чаму трэба было спекчы пячэнне ў выглядзе птушачак, было атрымана наступнае тлумачэнне: “Сорак птушак пяклі, як сорак святых. Сорак спячэш галачак гэтых, каждаму мучаніку па адной, а тады елі” (запісана ў в. Данілавічы [19*]. На Соракі ў в. Свяцілавічы варажылі пра хуткі прыход вясны, пры гэтым трэба было “ўзяць птушачку печаную …, кінуць яе за парог. Як далёка ўпала, вясна шчэ далёка, і птушкі тожа. А як блізка, то і вясна ўжо блізка падыходзіць” [20*]. (У в. Вялікія Нямкі выконвалі такое абрадавае магічнае значэнне: качалі сорак яек па зямлі: “Сорак яечак качаюць з цеста, потым курям дадуць, карове. Гэта дзелаюць для ўсяго добрага”) [6*]. У мясцовай традыцыі п. Станкі было прынята перакідваць праз плот выпечанае печыва ў форме птушачак: “На Соракі дзелаюць цеста, пякуць храсты, галачкі дзелаюць. Тады ўжо перакідалі этыя галачкі чэраз забор (чэраз сарай). Хто вышай перакіня, той больш яечак найдзя” [21*]. Жыхары в. Навасёлкі былі перакананы, што ўраджайным год будзе тады, калі “сорак выраяў вылятае”.

Траецкае свята на Веткаўшчыне называюць “празнікам кумаўёў” (в. Данілавічы), “кумушкі” (в. Шарсцін), бо як адзначылі жыхары в. Данілавічы, “кумяцца на Тройцу, сабіраюцца, хто каму дораг. У каждым дварэ празнік. Раньшэ так хадзілі: сёння ў мяне пагуляем, тады, бывала, к куме маёй пойдзем. Ці выносім сталы агулам, сабіраемся суседзі, усё, што ёсць, зношваем. І тады ўжо гулянне, песні. Танцы, гармошка” [19*].

Як адзначылі жыхары в. Навасёлкі, да Тройцы спецыяльна рыхтаваліся, “гасцей пріглашалі з другіх дзеравень, усіх родственнікаў…” [22*].

Абавязковымі для ўпрыгажэння хаты і падвор’яў былі галінкі ліпы і клёна: “На Тройцу кляны ссякалі, на вароты і ў хаты вешаем” (в. Данілавічы) [23*].

Па стану зеляніны, якой упрыгожвалі хаты, вызначалі, якім будзе лета: “Еслі на Тройцу ветку ў хату ўнёс, на сценку пацапіў, еслі за суткі гэты ліст высахне, значыць, будзе лета жаркае і сухое. А другі раз тры дні ён зялёны, як паставілі, так і стаіць, гэта значыць, што лета будзе сырое, даждлівае” (в. Данілавічы) [19*].

Праз тыдзень, калі ўжо зеляніна высахла, яе выносілі і клалі ў хлеў, каб “у каровы было малако, каб скаціну засцерагчы” (в. Вялікія Нямкі) [6*].

Вера ў магічную сілу траецкай расліннасці была ўстойлівай у мясцовай традыцыі. Невыпадковым было строгае следаванне народнаму звычаю ўпрыгожваць хату зелянінай: “У нас как-та даўно жанчына адна не прыбрала хату зелянінаю, дак патом доўга балела, і можа б дажай памерла, еслі б баба-загаворшчыца не прышла” (запісана ў в. Старое Сяло) [1*]. Распальванне вогнішча і ваджэнне вакол яго карагодаў. – адметныя моманты ў траецкай традыцыі в. Залаты Рог: “Усе збіраліся, бралі хто якую яду і ішлі ў лес. Тут выбіралі паляну, дзе ягады і грыбы… Хлопцы касцёр клалі, а дзеўкі пелі, танцавалі, карагоды вялі” [5*].

Прааналізаваныя матэрыялы па каляндарнай абраднасці Веткаўскага раёна ўпершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак і істотна ўзбагачаюць фальклорна-этнаграфічную традыцыю Гомельшчыны.


Спіс інфарматараў
1* Васільцова Матрона Сяргееўна, 1925 г.н., в. Старое Сяло.

2* Мацюкова Ніна Данілаўна, 1930 г.н., в. Старое Сяло.

3* Чуяшова Галіна Фёдараўна, 1930 г.н., в. Стаўбун.

4* Ганчарова Аляксандра Аляксандраўна, 1929 г.н., в. Шарсцін.

5* Лук’яненка Вольга Цімафееўна, 1935 г.н., в. Залаты Рог.

6* Дрыгунова Анастасія Канстанцінаўна, 1912 г.н., в. Вялікія Нямкі.

7* Шклярава Ніна Іванаўна, 1930 г.н., в. Прысно.

8* Чайкова Клаўдзія Цярэнцьеўна, 1930 г.н., в. Залаты Рог.

9* Калачова Анастасія Тарасаўна, 1911 г.н., в. Новы Мір.

10* Барсукова Ганна Фёдараўна, 1933 г.н., в. Перавессе.

11* Гарбузава В.В., 1939 г.н., в. Прысно.

12* Саломенная Ульяна Мікалаеўна, 1932 г.н., в. Неглюбка.

13* Хадунькова Ганна Трафімаўна, 1914 г.н., в. Новы Мір.

14* Гусакова Л.І., 1907 г.н., в. Акшынка.

15* Сакунова Марыя Карпаўна, 1917 г.н., в. Залаты Рог.

16* Марозава Ніна Пракопаўна, 1929 г.н., в. Старое Сяло.

17* Салодкіна Надзея Нікіфараўна, 1926 г.н., в. Неглюбка.

18* Гарбузава Марыя Яўсееўна, 1929 г.н., в. Казацкія Балсуны.

19* Дзмітрачкова Тамара Кузьмінічна, 1936 г.н., в. Данілавічы.

20* Палтарацкая Ганна Фёдараўна, 1930 г.н., в. Свяцілавічы.

21* Воінава Ганна Пахомаўна, 1921 г.н., п. Станкі.

22* Козырава Валянціна Васільеўна, 1955 г.н., в. Навасёлкі.

23* Чуяшкова Любоў Кузьмінічна, 1933 г.н., в. Данілавічы.
Літаратура

1. Ліс, А.С. Зімовы перыяд. Структура і семантыка абрадаў і песень Каляд / А.С. Ліс // Беларусы / Г.А. Барташэвіч, Т.В. Валодзіна, А.І. Гурскі [і інш.] ; рэдкал.: В.М. Бялявіна [і інш.] ; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. – Мн. : Бел. навука, 2004. – Т.7: вусная паэтычная творчасць. – С. 171-194.

УДК 82:316.472.4:028.02
Г. Ю. Новік
Феномен блог-літаратуры: асаблівасці дыялогу аўтара і чытача

У артыкуле абгрунтоўваецца фенаменальнасць блог-літаратуры як адной з праяваў культурнай рэчаіснасці, акрэсліваюцца яе асноўныя рысы і ўласцівасці, разглядаецца спецыфіка зносін аўтара і чытача. Праведзены аналіз паказвае, што суадносіны паміж удзельнікамі стварэння тэксту можна ахарактарызаваць як маналог, насычаны супярэчлівымі думкамі і поглядамі.


Асаблівасцю постмадэрнісцкага твора, паводле У. Біблера, з’яўляецца тое, што ён узнікае кожны раз і мае сэнс толькі тады, калі прадугледжвае зносіны адасобленых адзін ад аднаго аўтара і чытача. І ў гэтых зносінах праз творы вынаходзіцца свет. Тэкст, які разумеецца як твор, на думку У. Біблера, «жыве кантэкстамі; увесь ягоны змест толькі ў ім, і ўвесь ягоны змест – па-за ім, толькі на яго межах, у яго небыцці як тэксту» [1, с. 76]. Можна адзначыць, што канцэпцыя інтэртэкстуальнасці цесна звязаная з праблемай тэарэтычнай «смерці суб’екта», якую абвясціў яшчэ М. Фуко [2], а Р. Барт пераасэнсаваў як «смерць аўтара» (г. зн. пісьменніка) [3], і «смерцю» індывідуальнага тэксту, растворанага ў яўных і няяўных цытатах, а ў канчатковым варыянце – і «смерцю» чытача, непазбежна цытатная свядомасць якога настолькі ж нестабільная і нявызначаная, наколькі безнадзейныя пошукі крыніцаў цытат, якія складаюць яго свядомасць.

Канкрэтна гэту праблему сфармулявала Л. Перан-Муазес, заўважыўшы, што ў працэсе чытання ўсе трое: аўтар, тэкст і чытач – ператвараюцца ў адное «бясконцае поле для гульні пісьма» [Гл. : 4, с. 103] . На наш погляд, найбольш спрыяльнай пляцоўкай для такога ўзаемадзеяння з’яўляецца сеціратура, дзякуючы якой тэкст насычаецца непрадугледжанымі аўтарам сэнсамі і дэманструе ўсё новыя парадыгмы спасылак пры кожным прачытанні.

Сеціратура за свой адносна непрацяглы перыяд існавання гарманічна ўпісалася ў жыццё тых аўтараў і аматараў літаратуры, якія актыўна карыстаюцца сеткай Інтэрнэт. Стварэнне літаратурных сайтаў і блогаў дало мастацтву слова магчымасць выйсці на іншы, дынамічны ўзровень. Да прыкладу: аўтар, размяшчаючы няскончаны твор на якім-небудзь Інтэрнэт-рэсурсе, такім чынам дае сваю згоду на ўдзел чытачоў у стварэнні тэксту. Тое ж тычыцца і твораў завершаных, але не надрукаваных дагэтуль у перыёдыцы ці асобнымі накладамі: пад уздзеяннем чытацкай думкі яны могуць перастварыцца наноў ці набыць характэрную эклектычнасць.

Першым беларускім эксперыментам у гэтым плане можа лічыццца раман А. Глобуса «Дом», створаны з улікам узаемаадносінаў удзельнікаў форума Litara.net (сайта, дзе адбылося «нараджэнне» рамана). Гэтыя ўзаемаадносіны, мяркуецца, і ляжаць (разам з сувязямі паміж героямі) у аснове сюжэта рамана, дэфармаваўшы класічнае ўспрыяцце дадзенага жанру.

Аднак, памятаючы, што «твор, які быў змешчаны ў Інтэрнэце і дагэтуль не друкаваўся на паперы, НЕ НАЛЕЖЫЦЬ НІКОМУ» (выслоўе С. Дубаўца) [5], мастакі слова не імкнуцца выстаўляць «на дапрацоўку» чытача свае насамрэч вартыя ўвагі творы. Як правіла, яны з’яўляюцца ў электронным свеце нашмат пазней, пасля разыходжання большай часткі папяровых накладаў.

Варта адзначыць, што праблема аўтарскага права ў Інтэрнэт-рэсурсах атрымала рэзананс у творчым грамадстве – ад дыскусій сярод пісьменнікаў на сайце Litkritika.by (У. Гапееў – А. Новікаву: «Усё змешчанае ў сеціве, калі раней не друкавалася на паперы, можа быць украдзена. Вы не гарантуеце і не можаце гарантаваць аўтарскіх правоў нават на мой каментар» [6].) да тэлевізійных праграм (праграма «Сеціратура» з Г. Давыдзькам, 2010 г.).



Дзякуючы сваёй дынамічнасці, сеціратура ў некаторым сэнсе апярэджвае традыцыйную літаратуру і дазваляе грамадству скарыстацца яе вартасцямі ў розных мэтах. Так, рэдактары папяровых выданняў маюць магчымасць знайсці патэнцыяльных аўтараў, прагледзеўшы іх матэрыялы на блогах ці сайтах; чытачы – больш дэталёва азнаёміцца з асобамі літаратараў. Паколькі многія аўтары маюць звычку выкладаць у Інтэрнэт уражанні ад творчых вечарын, здарэнняў, імпрэз, абвесткі, – гэта дае карыстальніку магчымасць назі-раць за навінамі сучаснага літаратурнага працэсу. Аднак віртуальная прастора абумоўлівае і адмоўныя бакі сеціратуры. У. Васькоў, аўтар кніг для дзяцей, вядомы наведвальнікам сайта Litara.net як Palivac, сцвярджае: «Я бачу падабенства паміж вынаходствам Інтэрнэту і вына-ходствам палкоўніка Кольта. Рэвальвер Кольта зраўнаваў магчымасці грамадзянаў Амерыкі, забяспечыў тым самым дэмакратыю. Інтэрнэт зраўнаваў таленты і бездараў. Добра гэта ці кепска, я не ведаю» [7]. Інтэрнэт, апрача сваіх асноўных функцый, выконвае яшчэ адну, і не-малаважную: ён з’яўляецца змясцілішчам для тых чалавечых эмоцый і выяўленняў, якія часам не дапушчальныя ў рэальным жыцці. У некаторых карыстальнікаў сеціва права на ана-німнасць асацыюецца з правам на ўседазволенасць, адсюль малапрыемныя прыклады сварак, абраз і падобнага негатыву ў каментарах і на форумах. Інтэрнэт адкрыў новыя магчымасці і для графаманаў, праз актыўную дзейнасць якіх цяжка знайсці вартае ўвагі. Гэтаму спрыяе і той факт, што сучасная літаратура паступова адмаўляецца ад буйных форм і аддае перавагу фрагментаваным гісторыям прыватнага жыцця, засяроджваецца на сямейных хроніках, дзённікавых нататках, падарожнай эсэістыцы. Паводле М. Аляшкевіч, самымі распаў-сюджанымі жанрамі ў блога-сферы з’яўляюцца «не рэцэнзіі і нават не міні-анатацыі, а лыт-дыбр (запісы асабістага характару), перадрук/спасылка, абвестка і скандал» [8]. Займаючы першае месца ў гэтым рэйтынгу, лытдыбр з’яўляецца самым яскравым прыкладам сеціра-туры, бо максімальна набліжаны да традыцыйнай літаратуры. Так, запісы асабістага характа-ру ў блогу В. Шніпа (vik_shnip.livejournal.com) хутчэй прымушаюць чытача задумацца на экзістэнцыйныя тэмы, чым пазайздросціць замежным вандроўкам, рэчам, набыткам пісь-менніка. Блогер uladzimer (паэт У. Лобач) прыцягвае ўвагу чытачоў не толькі традыцыйным для ўсіх аўтараў Жывога часопіса асэнсаваннем культурных падзеяў, але і спецыфічнымі вершамі ў аздабленні аўтарскіх фотаздымкаў. Такія постынгі дазваляюць атрымаць асалоду ад змястоўнай вобразнасці радкоў і іх відавочна паганскай энергетыкі (нягледзячы на тое, што большасць вершаў набліжаныя да постмадэрнісцкага рэчышча) і адначасова адчуць ка-ларыт тых мясцінаў ці рэчаў, якія натхнілі аўтара. А празаік і паэт С. Балахонаў (balachon) увогуле ператварыў адносіны з чытачом у гульню, стварыўшы віртуальную вёску Мажджаліну і іранічна адзначыўшы яе неверагоднымі падзеямі. Па-майстэрску інтэрпрэ-туючы сэнс прыказак, фразеалагізмаў, назвы класічных твораў, рэаліі сучаснага жыцця, пісь-меннік віртуозна заблытвае чы-тача і вымушае яго смяяцца з самога сябе. «Чарада вясковых курэй скрала gps-навігатар і зляцела ў вырай», «Ураджэнец беларускай вёскі перамог у гонках на ліфтах», «Секцыя па баявой “Лявонісе” адкрылася ў беларускай вёсцы», «Шалёны гурок напаў на пенсіянерку» – вось далёка не поўны пералік «мажджалінскіх анамалій», назвы якіх відавочна нагадваюць кідкія загалоўкі ў прэсе. Для большай панарамнасці сайт mazdzalina.org аздоблены аўтарскімі дэматыватарамі знакамітага постмадэрніста. Гэта ства-рае яшчэ большы бар’ер ва ўспрыманні таго, што насамрэч прататыпам фантастычнага населенага пункта з’яўляецца вёска Белае Балота Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

На сённяшні дзень асабістыя сайты пісьменнікаў прайграюць блогам не столькі праз складанасць тэхнічнай падтрымкі, колькі праз скіраванасць на азнаямленне з творчасцю літаратараў. Блог характарызуецца большай ступенню інтэрактыўнасці паміж аўтарам і чы-тачом, пра што звычайна сведчыць адпаведная колькасць каментароў на ім. Сайт, як правіла, змяшчае ў сабе інфармацыю пра пэўную творчую асобу – біяграфію, творы, рэцэнзіі і іншыя матэрыялы. Напрыклад, сайты У. Гапеева (gapeev.info), С. Балахонава (balachonau.puls.by), У. Арлова (arlou.org) і іншыя. Рэагуючы на артыкул А. Новікава на сайце Litkritika.by, прысвечаны «адраджэнню сучаснага інстытута крытыкі» [9], постмадэрніст С. Балахонаў сцвярджае: «Аўдыторыя майго блогу значна шырэйшая за аўдыторыю сайта. <…> “Тэзей” [“Тэзей беларускага постмадэрнізму” – назва сайта С. Балахонава – Г. Н.] выступае хутчэй у якасці гэткага архіву навін і творчых навінак, а не як дынамічны самадастатковы сеціўны часопіс» [10]. Пагодзімся з аўтарам: і блог, і сайт спрыяюць ажыццяўленню розных задач.

Фактычна накінуты літаратарамі і іх паплечнікамі стыль аргументацыі выключае сур’ёзнае стаўленне да таго, што гаворыцца на форумах. Таму неад’емнай часткай віртуальнай камунікацыі з’яўляюцца іронія, сарказм, каламбур і іншыя сродкі, уласцівыя гіпертэксту. Улічваючы большую дынамічнасць блогаў, паспрабуем вызначыць асноўныя тыпы адносінаў паміж аўтарам, чытачом і літаратурным героем.


  1. Аўтар = Чытач.

Напрыклад, С. Дубавец, ладзячы на форуме «Мой народ» калектыўнае віртуальнае інтэрв’ю, стварыў пэўную колькасць віртуальных удзельнікаў дыскусіі, гуляючыся па чарзе ў кожнага з іх і імкнучыся змадуляваць паводзіны сапраўдных наведвальнікаў сайта. Штодня аўтар ствараў новыя запісы, якія перамежваліся рэплікамі іншых карыстальнікаў і нават «клонаў» гэтых карыстальнікаў. Інтэрв’ю паводле формы атрымалася падобным да п’есы, поўнай супярэчлівых герояў. Такая з’ява сведчыць пра жаданне справакаваць рэакцыю чытача. І яно было ажыццёўлена: уражанні актыўных і пасіўных удзельнікаў сталі асновай для дэбатаў на форуме «Дубавец – баец, ці не баец?! ».

  1. Аўтар = Герой.

Умова гэтай тоеснасці – стварэнне макета жыцця, калі герою даецца магчымасць самастойна пісаць твор. Яскравым сведчаннем стала існаванне на Litara.net такога героя, як Бабуся Пятруся. Выкладаючы на форумах свае вершы, роздумы і каментары і такім чынам пазіцыянуючы сябе як паўнавартаснага Аўтара, Бабуся Пятруся ў той жа час з’яўляецца героем «вершаваных і празаічных жахалак» [11], створаных часткова сваімі намаганнямі, а часткова і з дапамогай фантазіі іншых наведвальнікаў.

  1. Чытач = Герой.

Пры знаёмстве з любым гіпертэкстам чытач міжволі становіцца яго ўдзельнікам. Ча-сам пра ўсведамленне гэтага працэсу чытачамі сведчаць іх адпаведныя “персанажныя” псеў-данімы на форумах і ў каментарах. Напрыклад – Andrej_bielarecki, mikita_znosak і іншыя.

Такім чынам, падобная тэндэнцыя нагадвае пра ператварэнне суб’екта ў тэкст і зліміноўванне суб’ектывізму ў сеціратуры. Паколькі, паводле заснавальніка дэканструк-тывізму Ж. Дэрыды, «нічога не існуе за межамі тэксту» [12, с. 56], то палонным з’яўляецца і індывід, спалучаючы ў сабе адначасова рысы Аўтара, Чытача і Героя. Адпаведна суадносіны паміж удзельнікамі стварэння тэксту, улічваючы іх спецыфічную еднасць, можна ахарактарызаваць як маналог, насычаны супярэчлівымі думкамі і поглядамі.


Літаратура

1 Библер, В. От наукоучения – к логике культуры: Два философских введения в двадцать первый век / В. Библер. – М. : Политиздат, 1990. – 413 с.

2 Фуко, М. Слова и вещи: Археология гуманитарных наук / М. Фуко. – М. : Прогресс, 1977. – 488 с.

3 Барт, Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика / Р. Барт; сост., общ. ред. и вступ. ст. Косикова Г. К. – М. : Прогресс, 1989. – 616 с.

4 Ильин, И. И. Постмодернизм. Словарь терминов. / И. И. Ильин. – М. : Интрада, 2001 г. – 384 с.

5 Інтэртэкст: форум / Літара.net: сайт сучаснай беларускай літаратуры. – Рэжым доступу : http://litara.net/forum/286/all/.– Дата доступу : 05.03.2012

6 Новиков, А. Правомерное возмущение Валерия Гапеева / А. Новиков. – Рэжым доступу : http://www.litkritika.by/pravomernoe-vozmushhenie-valeriya-gapeeva.html. – Дата доступу : 05.03.2012

7 Абы пра што: форум / Літара.net: сайт сучаснай беларускай літаратуры. – Рэжым доступу : http://litara.net/forum/55.– Дата доступу : 05.03.2012

8 Аляшкевіч, М. Думаць пра блогі шкодна для здароўя / М. Аляшкевіч. – Рэжым доступу: http://karshytal.livejournal.com/7985.html. – Дата доступу : 05.03.2012.

9 Новиков, А. О проекте “Белорусский литературный портал” / А. Новиков. – Рэжым доступу : http://www.litkritika.by/about. – Дата доступу : 05.03.2012.

10 Балахонаў, С. Кантэнт ня блешчыт пад луной… / С. Балахонаў. – Рэжым доступу : http://balachon.livejournal.com/380880.html. – Дата доступу : 05.03.2012.

11Какетлівы жаночы пясьціцыд : форум / Літара.net: сайт сучаснай беларускай літаратуры. – Рэжым доступу : http://litara.net/forum/224/all. – Дата доступу : 05.03.2012

12 Ильин, И. И. Постмодернизм от истоков до конца столетия: эволюция научного мифа / И. И. Ильин. – М. : Интрада, 1998 г. – 256 с.

УДК 821.161.1 – 2 : 82.091


О. В. Очеретяная
Проблема авторского присутствия в драматургии Е. В. Гришковца

В статье рассматриваются особенности поэтики драматургии Е. В. Гришковца, обусловленные проблемой авторского присутствия в произведении. Выдвигается и обосновывается гипотеза, согласно которой наиболее приемлемой формой выражения авторского мировидения Е. В. Гришковца становится жанр исповедальной монодрамы. Автор статьи приходит к выводу, что новейшая драма, демонстрируя сплав эпических и лирических элементов, становится феноменологией отдельно взятого человека и берет на себя задачу социально-терапевтической миссии, цель которой – высший духовно-эмоциональный результат.

Современную российскую драму рубежа 20–21 вв. во многом предопределила переходность, эпоха перелома сознания, «ситуация порога», вследствие чего одной из определяющих характеристик, сформировавших поэтику «новейшей драмы», стало нарастающее присутствие автора в драматургическом произведении, усиление его влияния и небывалая авторская активность. Являясь прямым участником эпохи перемен и осознавая их последствия, драматург всеми предоставляемыми способами пытается обнаружить себя в произведении, особым образом включаясь в действие пьесы, растворяясь в ее компонентах и тем самым изменяя формальные жанровые каноны драмы. Так в русской драматургии конца 20 – начала 21 вв. наблюдается процесс диффузии жанров, отход от традиционных канонов и смещение понятий «жанр - текст». Как никогда раньше, автор все более стремится обнаружить себя, вступить во взаимодействие со своим героем и посредством него доверительно «поговорить» с читателем/зрителем, рассказав о своем личном и сокровенном... Ослабленность сюжета, форма повествования от первого лица, тождество автора-героя-рассказчика, предположение глубочайшей искренности со стороны говорящего и сильнейший акцент на внутренних событиях жизни автора – все это ведет к жанровым модификациям драмы, которые можно определить, пользуясь установившейся терминологией, как

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   16


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка