1 кастрычніка Таямніцы святла




Дата канвертавання27.03.2016
Памер135.01 Kb.

«Сямейны Ружанец»

1 кастрычніка
Таямніцы святла




1. Хрост Езуса ў Ярдане

Падчас Хросту Езуса чуецца голас з неба: «Гэта Сын Мой Умілаваны». Гэты ж самы Голас кажа кожнаму чалавеку, хто прымае хрост, што мы ўзлюбленныя дзеці Бога. Як жа важна памятаць і жыць любоўю Божай. Шатан вельмі часта нас прыніжае перад самімі сабой і перад іншымі, а Бог заўсёды кажа нам аб сваёй любові. Мы павінны вучыцца заўсёды адчуваць сябе як дзеці Божыя і гэтак жа ставіцца да іншых.


2. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане
Езус загадаў напоўніць збаны вадою. А пасля вада ператварылася ў віно. У нашым жыцці падобна: вада — гэта нашыя штодзённыя абавязкі. Калі мы сумленна і верна выконваем тое, да чаго пакліканы, то ў пэўны момант Езус можа перамяніць гэта на хвалу Божую.
Езус мог інакш перамяніць ваду ў віно, але Ён патрабуе, каб мы «напоўнілі збаны вадою»! Таксама прыкладам для нас з’яўляецца Марыя, якая просіць Хрыста дапамагчы людзям. Наша хрысціянскае пакліканне — заносіць праблемы, пытанні і перажыванні гэтага свету Усемагутнаму Богу!


3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
У сваім зямным жыцці Езус заўсёды кіраваў позірк людзей на Нябеснае Валадарства. Як жа часта мы забываем пра найважнейшыя справы, а губляемся ў жыццёвай спешцы. Увесь час нам штосьці трэба, кудысьці спяшаемся, тэлефануем, вырашаем праблемы...
А Езус кажа нам пра Неба і заклікае да навяртання. І калі мы Яго пачынаем слухаць, то становімся сапраўды спакойнымі, шчаслівымі, давяраем ва ўсім Яму. Бог лепш ведае, што нам трэба, а з нашага боку патрэбны давер.


4. Перамяненне Езуса на гары Табор
Езус узяў з сабою трох вучняў і перамяніўся перад імі. Можам задаць пытанне Яму: чаму менавіта яны? Часта ўзнікаюць пытанні, калі Бог дае асаблівае заданне камусьці, Ён сам выбірае, і заўсёды гэты выбар з чалавечага пункту гледжання нелагічны. «Ці можа глінянае начынне сказаць ганчару — Чаму ты мяне такім зрабіў?» Мы стварэнне, а Ён наш Стварыцель! Мы павінны менш давяраць сабе, а ў розных пытаннях звяртацца да Бога. Упоўні аддаць Яму свой шлях, сваё заданне, сваё пакліканне.

5. Устанаўленне Эўхарыстыі

Мы разважаем, што момант Уцелаўлення Хрыста, момант бічавання і смерці з’яўляецца прыніжэннем для Бога, але найбольш прыніжае Ён сябе, калі застаецца з намі ў Эўхарыстыі. Бог давярае нам. Якая ж вялікая павінна быць Любоў, што аддае людзям сябе!
Хочам бясконца дзякаваць за вялікі дар Эўхарыстыі, за прысутнасць Езуса ў нашым жыцці, нашыx сем’ях і прасіць для сябе веры, надзеі і любові.
Падрыхтавала с. Таццяна Гмыза SJE

2 кастрычніка
Балесныя таямніцы



1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
Пане Езу, Ты ў Аліўным садзе перажываў асабліва цяжкі момант свайго жыцця. Гэта быў той момант, калі Цябе перапаўняў чалавечы страх, самота, адчуванне смутку і пакінутасці. Нават Твае вучні не дацанілі важнасці гэтага моматну. Аднак гэты досвед Аліўнага саду стаў момантам гарачай малітвы, Тваёй, Езу, размовай з Айцом, падчас якой Ты выказаў сваё жаданне з любоўю выпіць келіх сваёй мукі, каб нас, грэшных і няўдзячных, паяднаць са сваім Айцом.
Езу, як жа часта сучасная сям’я перажывае своеасаблівы Аліўны сад, можа, не дакладна такі, якім ён быў ў Цябе, але па-свойму драматычны. Дапамажы нам, Пане, быць адважнымі і мужнымі ў момант выпрабавання, умацуй нас на шляху веры, навучы нас прымаць цяжкасці з любові да Цябе.

2. Бічаванне Езуса

«Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконні нашыя». Кніга прарока Ісаі вельмі выразна малюе нам вобраз церпячага Хрыста. А Ён з пакораю і ў маўчанні прымае балесны келіх сваёй мукі. Езус, які з’яўляецца самой Праўдай, становіцца адкінутым, пагарджаным і бічаваным...
Пане Езу, калі ў сям’і не хапае ўзаемнага паразумення, прабачэння і любові, то самалюбства і пыха становяцца бічаваннем для сямейнай супольнасці. Навучы нас бачыць Цябе ў іншым чалавеку і асвяці нас у праўдзе, каб мы, адчуваючы Тваю прысутнасць, вызваляліся з празмернага эгаізму і жылі адзінай і моцнай сям’ёю.

3. Укаранаванне Езуса цернем

Калі Езуса, укаранаванага цярновым вянком, прывялі да шумнага натоўпу, то, здавалася, Ягоны выгляд не можа пакінуць абыякавымі сэрцы тых людзей, якія Яго бачылі. Аднак рэакцыя была іншая... Укаранаванне цернем не толькі не змагло абудзіць жаль і літасць у таго раз’юшанага натоўпу, але яшчэ мацней распаліла абурэнне і крык: «Укрыжуй Яго!»
Езу Хрыстэ, дапамажы сучаснай сям’і быць больш лагоднай і ўражлівай на цярпенні бліжніх, натхні сэрцы яе членаў да суперажывання, а нават ахвярнасці. Сцеражы нас ад абыякавасці і закамянеласці сэрца.

4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую

Як пакорнае ягнятка, Езус паслухмяна выконвае прысуд: ускладае крыжовую бэльку на свае плечы і пачынае ісці шляхам, які канчаткова прывядзе Яго на месца пакарання. Крыжовы шлях нашага Настаўніка, Езуса Хрыста, можна лічыць пачаткам вяртання марнартаўнага сына, у вобразе якога заключаецца ўсё чалавецтва.
Пане Езу, дапамажы сучаснай сям’і ўсведаміць неабходнасць навяртання і жыцця паводле Тваіх наказаў. Няхай Твае запаведзі стануць для нас арыенцірамі на нашай уласнай крыжовай дарозе, якую мы прагнем прайсці разам з Табою.

5. Укрыжаванне і смерць Езуса

«Элі, Элі, лама сабахтані! Божа, Божа, чаму Ты Мяне пакінуў!» Гэтыя словы былі аднымі з апошніх, якія Ты прамовіў з крыжа на Кальварыйскай гары. Пасля чаго Ты, Езу, ціха аддаў Дух свой у рукі Міласэрнага Айца. Выканалася вялікая таямніца Божага збаўлення і Тваёй, Езу, перамогі над грахом і сіламі зла.
Пане Езу, праз Тваю муку і смерць прабач нашым сем’ям шматлікія занядбанні і грахі, з’яднай нас сваёй адвечнай любоўю і моцаю свайго Духа аднаві аблічча нашых сем’яў.
Падрыхтаваў а. Андрэй Авен OCD

3 кастрычніка
Радaсныя таямніцы



1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
Звеставанне — адзін з найважнейшых момантаў у гісторыі чалавецтва — для Марыі быў момантам няўпэўненасці, напоўненым шматлікімі пытаннямі да Бога, але таксама і ўважлівага слухання таго, з чым Бог пасылае да Яе свайго Анёла. Радасць, падзяка і праслаўленне Бога за Ягоную дабрыню было пазней — пасля згоды прыняцця Ягонай волі.
Кожны раз, калі нарачоныя, будучыя муж і жонка, згаджаюцца прыняць тое, да чаго Бог іх запрашае: да шчырай, узаемнай любові, да павагі і вернасці адно аднаму, да адкрытасці на дар жыцця, — толькі тады яны могуць спадзявацца, што з часам іх сямейнае жыцце будзе напоўнена сапраўднай радасцю, падзякай і праслаўленнем Бога. Сярод жыццевых выпрабаванняў, цяжкасцяў і няўпэўненасці супакой і шчасце ў сям’і захавае той, хто навучыцца слухаць Бога.

2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты

Звычайна, калі мы самі патрабуем нейкай дапамогі і падтрымкі ў нашым штодзенным жыцці, то не надта хутка згаджаемся ахвяраваць сваю дапамогу іншым. Зразумелая справа — спачатку я павінен рашыць свае праблемы... Марыя, якая пад сваім сэрцам носіць Езуса, ведаючы, што Альжбета, Яе сваячка, у хуткім часе чакае нараджэння дзіцяці, — не шукае апраўданняў, каб застацца дома, але хутка вырушае ў падарожжа, каб дапамагчы Альжбеце.
Калі маем намер у сваім жыцці і штодзённых выбарах быць добрымі хрысціянамі, то гэтаму мы павінны вучыцца ад найлепшых. Марыя, якая адкладае ўбок «добрыя», «лагічныя» і «абгрунтаваныя» аргументы, каб думаць толькі пра сябе, — для кожнага з нас з’яўляецца цудоўным прыкладам пакорнай любові. Любоў і пакора — добрыя фундаменты для будавання добрай і трывалай сям’і.

3. Нараджэнне Езуса Хрыста

Благаслаўленая Маці Тэрэза з Калькуты казала, што заўсёды, калі ўсміхнешся свайму брату — прыходзіць Божае Нараджэнне,

Заўсёды, калі замаўкаеш, каб слухаць — прыходзіць Божае Нараджэнне,

Заўсёды, калі даеш надзею іншым — прыходзіць Божае Нараджэнне,

Заўсёды, калі кахаеш — прыходзіць Божае Нараджэнне...


Не трэба баяцца частага Божага Нараджэння ў маёй сям’і. Нават штодзённага. Гэтае заданне па сілах кожнаму — каб праз здольнасць слухаць, прабачаць, кахаць, дапамагаць і быць блізка Езус кожны дзень нараджаўся ў маім доме і ў маёй сям’і.

4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні

Марыя і Юзаф прыносяць малога Езуса ў святыню, каб дзякаваць за дар Яго нараджэння і ахвяраваць Яго Богу. Усведамленне таго, што ўсё – таксама і мая сям’я, якую я засноўваю, і сям’я, з якой я паходжу, — гэта Божы дар, можа дапамагчы мне больш адказна ставіцца да маіх блізкіх. Дае мне надзею і пэўнасць, што калі з бегам часу адчую недахоп цярплівасці, згоды, разумення ці дабрыні да маіх блізкіх, то Бог ніколі не будзе да гэтага абыякавы. Не дазволіць змарнавацца Ягонаму дару, якім калісьці мяне адарыў.
Каб у сваім жыцці захаваць Божыя дары, асабліва дар сям’і — мы павінны маліцца і спадзявацца на Бога, ахвяроўваць Яму кожную справу: так, як быццам бы ўсё залежала толькі ад Яго, — а працаваць так, як бы Бога ўвогуле не было і ўсё залежала толькі ад нас.

5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

У кожнага чалавека, тым больш у кожнай сям’і, павінны быць моманты і месцы, дзе яны могуць сустрэцца з Богам. Знайсці ў сваім жыцці Езуса. Касцёл, нядзельныя святыя Імшы, сакрамэнтальнае жыццё, асабістая ці супольная малітва — гэта ўсё дасканалыя сродкі, каб быць блізка Езуса. Але трэба ведаць, што жывога Бога магу сустрэць таксама і ў хваробе ці нейкім цярпенні.
Хутка знайду Езуса, калі не паддамся розпачы і не пакладу рук у час выпрабавання маёй любові, вернасці і адказнасці за маіх блізкіх. Калі захаваю ў сваім сэрцы намер шукаць Бога — то Ён будзе першым, хто выйдзе насустрач мне, маім клопатам, цярпенню, хваробе, неразуменню...
Падрыхтаваў кс. Юрый Пракапюк

4 кастрычніка
Хвалебныя таямніцы



1. Уваскрасенне Хрыста
Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.
Калі Хрыстус не ўваскрос, дарэмная наша вера. Уваскрасенне Божага Сына — гэта не толькі таямніца нашага збаўлення. Гэта таксама праўда пра тое, што нішто ў нашым жыцці не бывае дарэмным. Самае вялікае зло ў свеце — забойства Божага Сына — Бог учыніў дарогай нашага збаўлення і сэнсам нашай веры. Таму нават самы цяжкі грэх і самае страшнае зло, калі іх даверыць Богу, праз моц Хрыста могуць прынесці добры плён.
Пане, учыні, каб у будаванні нашай сям’і мы ніколі не апускалі рукі. Дапамажы нам зразумець, што ў любові няма бязвыхадных сітуацый, і навучы змагацца са злом і вырашаць праблемы, а не ўцякаць ад іх.

2. Унебаўшэсце Хрыста

Як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае.
Адна з самых парадаксальных спакус чалавека — учыніць сродкі да дасягнення мэты самой мэтай. Яна вядзе нас да таго, што, ствараючы і ўжываючы матэрыяльныя даброты дзеля дабра свайго і бліжніх, мы забываемся пра гэтых бліжніх. Так, працуючы цяжка дзеля дабра нашых дзяцей, мы забываемся, што галоўнае — гэта нашая прысутнасць, а не грошы і дабрабыт. Езус узыходзіць на неба і пакідае гэты свет, каб увесь час быць у сэрцах сваіх вучняў, побач з імі.
Пане, навучы нашу сям’ю ахвяраваць дзеля нашых родных тое, што нам здаецца каштоўным, навучы нас заўседы ўмець быць побач і памятаць, што найбольшы дар для маёй сям’і — гэта мая прысутнасць.

3. Спасланне Духа Святога

Ты ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці.
Падобна як чалавек з Евангелля, мы таксама хочам сказаць: усё гэта я захоўваў. А ці так гэта на самой справе? Ці дастаткова толькі не рабіць?Як часта мы не забіваем, не здраджваем, не забіраем і не падманваем толькі таму, што гэта нельга, забаронена. А калі б было можна, то даўно ўжо было б здзейснена. Святы Дух дае нам ласку шчырага сэрца, каб мы не толькі не грашылі, але каб і не хацелі гэтага рабіць.
Пане, учыні, каб вернасць і любоў у нашай сям’і мы будавалі не на выконванні жыццёвага мінімуму і пазбяганні зла, але каб прагнулі чыніць дабро і даваць з сябе ўсё.

4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

Табе не стае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе.
Любоў да чалавека праяўляецца, між іншым, у добразычлівасці да яго. Мы прагнем для любімага таго, што добрае. А якое самае вялікае дабро мы можам жадаць для таго, каго любім? Канешне ж, вечнае жыццё. Клопат пра бліжняга нельга блытаць з заспакойваннем яго жаданняў і мірам, будаваным на кампрамісе. Сапраўдная любоў клапоціцца пра збаўленне душы бліжняга.
Пане, навучы нас памятаць, што галоўная мэта існавання маёй сям’і — супольнае пакліканне да святасці. Дапамажы нам прыводзіць да Цябе нашых родных, каб мы маглі сведчыць перад імі аб радасці хрысціянскага жыцця.

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі

У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.
Езус валадарыць на крыжы. Марыя становіцца Каралевай праз сэрца, прабітае мячом болю і праз давер Богу. Кожная ўзнёслаць, веліч і перамога ў жыцці чалавека прыходзіць праз цярпенні і выпрабаванні. Калі мы адмаўляемся ад крыжа ў нашым жыцці — мы адмаўляемся ад кароны.
Пане, дапамажы, каб выпрабаванні, з якімі сустракаецца нашая сям’я, не знеахвочвалі нас, а, наадварот, рабілі трывалымі ў веры і ўмацоўвалі нашую еднасць і любоў.
Падрыхтаваў а. Канстанцiн Анашка MIC

5 кастрычніка
Радасныя таямніцы



1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
Анёл прыходзіць да Марыі, прыносіць Ёй навіну ад Бога. Маладая дзяўчына мела свае планы, была шчаслівая, мела супакой у сэрцы. Але ўсё гэта знікла. Прыйшла няпэўнасць, страх. І тады пачула словы: « Не бойся!»
Божа, спасылай сваіх анёлаў у сем’і, дзе пануе страх і смутак. Няхай, як Маці Божая, пачуюць: «Не бойся!» Бо Ты, Пане, дапамагаеш і клапоцішся.

2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты

Бог змяніў планы Марыі, але Яна прыняла Яго волю. Мала таго, не затрымалася, не закрылася ў сабе. Пайшла паспешліва да Альжбеты, каб дапамагчы ёй. Пайшла не адна, з Езусам. Дзякуючы Ёй, Божы Сын наведаў дом цяжарнай жанчыны. Марыя несла Бога людзям і робіць гэта таксама сёння.
Молімся, каб мы ў нашых сем’ях здолелі дзяліцца сваёй верай, каб былі сапраўднымі хрысціянамі, каб давалі прыклад іншым людзям.

3. Нараджэнне Езуса Хрыста

Так часта звяртаем увагу на тое, што Сын Бога нарадзіўся не ў палацы, а ў стайні. Не ў багацці, а ў беднасці. Захапляе нас Ягоная прастата і адкрытасць на кожнага чалавека.
Молімся, каб нашыя дамы былі Бэтлеемам — месцам спаткання Бога з чалавекам.

4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні

У святыні Марыя ахвяравала Богу самае каштоўнаае — свайго Сына. Яна вучыць нас не баяцца аддаваць Богу тое, што любім, і тых, каго любім. Гэта школа даверу Богу. Ці з’яўляемся мы добрымі вучнямі ў гэтай школе?
Молімся за бацькоў, якія аддаюць сваіх дзяцей на служэнне Пану Богу. Няхай яны дапамагаюць ім выконваць заданні, звязаныя з пакліканнем, няхай штодзённа моляцца за іх.

5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

Нават Марыя з Юзафам мелі такі момант у жыцці, калі згубілі Езуса. Калі Ён знік, калі Яго шукалі. Мы таксама губляем Бога, самі адыходзім ад Яго праз грэх, праз занядбанне. Сакрамэнт паяднання — вось месца, дзе можам вярнуцца да Бога.
Молімся за ўсіх тых з нашых сем’яў, хто даўно не быў у споведзі, каб адкрылі свае сэрцы і прынялі Божую Міласэрнасць.
Падрыхтавала с. Наталля Букоўская MChR

6 кастрычніка
Балесныя таямніцы



1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
Смутак, як густы вячэрні змрок, агарнуў Таго, хто стаў на калені між аліўных дрэў. Хаця ў Яго было так шмат слухачоў, вучняў і трое самых блізкіх з іх, Ён застаўся сам-насам з келіхам мукі.
Ніхто з іх не прадчуваў, што паглыбляў цярпенне Езуса, які застаўся ў самоце. Горыч неразумення, адвяржэння і адзіноты становіцца невыноснай, калі адчуваем яе ад самых блізкіх, у сваёй сям’і.
Марыя, Маці Сына, які застаўся ў адзіноце, давяраем Табе ўсе сем’і, якія раздзіраюць канфлікты, насілле і абыякавасць.

2. Бічаванне Езуса

Свіст бічоў стаў выяўленнем прыніжэння і бязлітаснай жорсткасці, мяжой для якіх стане толькі смерць. Цела Езуса было жорстка скатавана, як быццам бы хацелі сцерці Яго з твару зямлі.
Годнасць чалавека выражаецца ў яго працы, утрыманні блізкіх. Беспрацоўе, адсутнасць годнай платы, эксплуатаванне звыш сіл адбірае ў бацькаў, маці і іх сем’яў павагу нават да саміх сябе.
Марыя, Маці скрываўленага Сына, давяраем Табе сем’і, якія пакутуюць з-за адсутнасці працы, годнай платы, беднасці і адсутнасці перспектыў на будучыню.

3. Укаранаванне Езуса цернем

Яго галаву абвілі галіны церняў з сілай, якую дало ім катаванне рымскіх легіянераў. Яго боль і бяссілле забаўляюць іх. Можна забаўляцца, плюючы Любові ў твар!
Здрада ў сужэнстве — як боль цярнёвай кароны. Тое, што служыць еднасці, становіцца прыладай болі і прыніжэння.
Марыя, Маці здраджанага Сына, давяраем Табе сужэнцаў, якія пакутуюць з-за здрады. Давяраем іх цярпенні, роспач і сорам.
4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
З кожнай хвілінай здаецца, што цяжар крыжа перамагае асуджанага і бясследна знішчае яго сілы. Нягледзячы на гэта, Езус валадарыць і да канца трымае крыж у сваіх руках.
Хвароба нябачна прыгнятае нас або нашых блізкіх. Яна пазначае, нібы плямай, нашы размовы, позіркі і маўчанне. Мы церпім разам з нашымі хворымі сужэнцамі, дзецьмі і часам толькі пробліск даверу дапамагае ўбачыць рукі Езуса, якія падтрымліваюць да канца.
Марыя, Маці падаючага Сына, давяраем Табе невылечна хворых, пакінутых у дамах састарэлых, пазбаўленых дапамогі і апекі. Давяраем іх Тваім Матчыным рукам.

5. Укрыжаванне і смерць Езуса

На крыжы смерць прыходзіць паволі. «Здзейснілася», — аб’яўленне любові дайшло да канчатковай мяжы.
Смерць — частка жыцця, і яе немагчыма ашукаць. Нашы сувязі ў сям’і таксама павінны перанесці гэты экзамен. Сапраўдная любоў у нашых адносінах — сродак, які найлепш дапамагае нам пераступіць мяжу ў вечнасць.
Марыя, Маці Балесная, давяраем Табе ўсіх паміраючых, усе душы ў чыстцы і маю ўласную гадзіну пераходу.
Падрыхтаваў кс. Тадэвуш Дабравольскі SDS

7 кастрычніка
Хвалебныя таямніцы



1. Уваскрасенне Хрыста
Езус, Сын Божы, паказаў кожнаму з нас не толькі тое, чым ёсць любоў, але і тое, што сапраўдная любоў не баіцца нават смерці. Любоў — гэта жыццё. Ды й само жыццё можаш назваць жыццём толькі калі любіш. Жыццё Хрыста на зямлі пачалося з самаахвярнага «так» Марыі.
Дзякуючы Юзафу — яго пакоры і поўнаму даверу Богу і сваёй Абранніцы — гэтае Жыццё было ўратавана. У Назарэце, у атмасферы самаадданага служэння і сямейнай еднасці яно набірала моц. Жыццё з любові і для любові — вечнае жыццё…

2. Унебаўшэсце Хрыста

Езус вяртаецца да Айца, але запэўнівае, што застаецца з намі «ва ўсе дні ажно да сканчэння веку». Выканаўшы сваю місію, не пакідае, але як бы дае слова нам.
Што я адкажу на тое, што Ён учыніў? Ці застануцца Яго жыццё і справы нейкай далёкай гісторыяй? Альбо Яго жыццё стане маім жыццём, у паўсядзённых клопатах, выбарах, цярпеннях і радасцях? Слова за мной… А Езус побач.

3. Спасланне Духа Святога

Езус выканаў абяцанне і завяршыў сваю місію, спаслаўшы Святога Духа на сваіх вучняў. Падумаць толькі: Дух Усемагутнага Бога яднаецца з духам слабога чалавека!
Бог яднаецца з чалавекам, яднае чалавека з чалавекам, каб суіснаваць ужо навекі ў адным рытме — рытме спрадвечнай любові Божай. І што такога зрабілі вучні, каб гэткі дар атрымаць? Сапраўды, шмат не трэба… трэба прыняць!
4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Святое Цела Марыі, якое Яна поўнасцю прысвяціла Божай волі (а Божую волю Марыя не аддзяляла ад сваёй), Яе Сэрца, у якім захоўвала і разважала над тым, чаго не магла зразумець, а павінна была прыняць, Яе матчыны рукі, Яе нястомныя ногі, Яе пакорныя і ўважлівыя вушы, Яе вусны, што славяць Бога, як ніводная птушка, — гэта ўсё Яе прыгажосць.
Марыя не магла памерці. Яна — найпрыгажэйшае стварэнне Бога! Але такім жа прыгожым Бог стварыў і кожнага з нас…

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі

Мая Маці — Каралева Неба і зямлі! Праз Яе пакорнае і ціхае жыццё Бог вырашыў даць нам у спадчыну ўсё Валадарства. А Марыя ўмела прыняць ад Бога ўсё: і саму сябе, і Юзафа, і Божае Дзіця, і Яго выключнае прызначэнне, і пагрозу, і сямейнае служэнне, і смерць Сына на Крыжы, і ўваскрасенне, і вучня, і мяне…
Ніхто з людзей не можа навучыць жыццю так, як Марыя, Маці.
Падрыхтаваў семінарыст Уладзіслаў Мінько

/


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка