§ 4 Стылістычныя сродкі фанетыкі




Дата канвертавання01.05.2016
Памер62.01 Kb.
§ 4 Стылістычныя сродкі фанетыкі

Унукі Скарыны!

Дзе ваш гонар, моц і краса?

Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня.

Не давайце святыні псам!

У. Караткевіч

Сярод багатых стылістычных рэсурсаў беларускай мовы ёсць i гукавыя сродкі, найперш інтанацыя i гyкaпіc. Інтанацыя — гэта рытміка-меладычны лад сказа. Без інтанацыі вуснага маўлення не бывае. Так, сказ Сёння мы ідзём у тэатр можна вымавщь з роўнай інтанацыяй паведамлення, можна — з інтанацыяй запытання (пры гэтым павышэнне тону магчыма на кожным з самастойных слоў, што пэўным чынам паўплывае на змест адказу), можна — з інтанацыяй радасці, захаплення. Часам сказы, якія складаюцца з «ветлівых», «прыемных» слоў, могуць суправаджацца насмешлівай інтанацыяй, i тады галоўны сэнс заключаны менавіта ў ёй (паспрабуйце вымавщь такім чынам: Які маладзец! Ну i разумнік! Вось прыгожа!). I наадварот, самыя звычайныя словы, вымаўленыя з патрэбнай інтанацыяй, могуць закрануць душу, акрыліць, усхваляваць.

Інтанацыя складаецца з наступных элементаў (гукавых сродкаў): 1) мелодыка – павышэнне ці паніжэнне тону голасу; 2) рытм – чаргаванне націскных i ненаціскных складоў, а таксама паўз; 3) тэмп маўлення (хуткі, павольны); 4) інтэнсіўнасць (сіла) гучання; 5) тэмбр (афарбоўка) голасу.

Асноўны элемент інтанацыі — мелодыка, якая адлюстроўвае pyxi тону маўлення на працягу гучання сказа.

Істотнай з'яўляецца таксама пастаноўка лагічнага націску, які выдзяляе шляхам узмацнення голасу найбольш важнае па сэнсу слова ў сказе. Лагічны націск можа падаць на любое слова, мяняючы ў сказе сэнсавыя адценні): Васіль паехаў у вёску (а не Змітрок). Васіль паехаў у вёску (а не пайшоў). Васіль паехаў у вёску (а не ў горад).

Інтанацыя роднай мовы засвойваецца з маленства, i чалавек карыстаецца ёй, нават не ўсведамляючы асаблівасцей яе пабудовы. Аднак пры выкарыстанні аратарскіх форм маўлен­ня (артысту на сцэне, лектару ў аўдыторыі, настаўніку ў класе) неабходна лагічна i эмацыянальна мадэліраваць тэкст, а значыць, асэнсавана карыстацца інтанацыяй.

Вялікія інтанацыйныя магчымасці закладзены ў мастацкiм i публіцыстычным маўленні. Літаратурны тэкст сапраўднага мастака слова вызначаецца бязмежнымі глыбінямі інтанацыйнага афармлення сказаў, часта дапускае неадназначныя інтэрпрэтацыі пры вусным прачытанні. Для публіцыстычных тэкстаў найбольш характэрная інтанацыя закліку, узнёсласці, урачыстасці, якая стварае павышаную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку паведамлення. На інтанацыйнай аснове грунтуецца пастаноўка знакаў прыпынку.

Гукапіс – гэта аднатыпныя гукавыя паўторы ў мастацкім маўленні (у першую чаргу ў паэтычным), якія ўзмацняюць яго мілагучнасць i сэнсавую выразнасць. Caмi па сабе гукі значэння не маюць, яны не здольны выразіць нi думак, нi эмоцый, але ў ix тояцца вытокі сэнсу слова. Паўтор аднародных гукаў дапамагае вылучыць пэўныя словы, звярнуць на ix асаблівую ўвагу, лепш успрыняць сэнс верша. Асабліва пашыраны гyкaпic у паэзіі, бо паэтычныя творы разлічаны найперш на вуснае прачытанне i слыхавое ўспрыманне. Падбipaючы словы з аднолькавымі ці падобнымі гукамі, можна перадаць гучанне з'яў прыроды, стварыць музычную танальнасць твораў.

Так, пры дапамозе шыпячых гукаў можна перадаць шум дажджу, шоргат шын па асфальце або касы па траве, гудзенне жука; пры дапамозе свісцячых iмiтyeццa свіст ветру, птушак; плаўныя санорныя гукі [л], [л'] ствараюць уражанне лёгкасці, бязважкасці, запаволенасці.

У залежнасці ад характару гукаў, якія паўтараюцца ў тэксце, адрозніваюць два асноўныя тыпы гукавых паўтораў: алітэрацыя – паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных i асанананс – паўтарэнне аднолькавых або па­добных галосных. Для спасціжэння мастацкай каштоўнасці твора вельмі важна навучыцца пранікаць у асаблівасці гукапicy, а гэта значыць, чытаць трэба ўдумліва, павольна, каб пачуць поўную сэнсу музыку гукаў.
Алітэрацыя губных гукаў [б], [п], зацвярдзелага [р]

У бубны дахаў

Вецер б’е,

Грыміць па ім,

Звініць, пяе.

М. Багдановіч “Завіруха”



Алітэрацыя на гукі [р], [д], [т]

Там, дзе воранам вораг каркае,

Я з зямлі паўстаю і бунтую.

Дабравольная санітарка –

я

Ласкай душы братоў бінтую.

П.Макаль. “Цётка”


Асананс гукаў [а], [э]

Цецярук

Цецерука

Цешыць

Сябра-дзівака:

– Я цябе

З тваёй цяцерай

Запрашаю на вячэру.

Вечар

Цёмны

Ноч прыводзіць,

Цецярук жа

Не прыходзіць,

Не заве

На вячэру

І ні сябра,

Ні цяцеру.

А.Дзеружынскі


Асананс гука [у], алітэрацыя гукаў [б], [г], [р]

Забушуе, бухне ў боры

З гулам, грукатам пярун.

Я.Колас “Сымон-музыка”



Практыкаванне 15. (вусна) Прачытайце. Адкажыце, з дапамогай якіх гукаў паэту ўдаецца перадаць посвіст касы.
З горада лекаў ты шмат навязеш,

Сын твой, як бачыш, устане!

Сільнай рукой накіруе лямеш,

Свісне касой на світанні. (Я.Купала)



* Спішыце, зрабіце партытуру выразнага чытання.
Практыкаванне 16. Прачытайце наступныя радкі. Якія ўражанні яны ў вас выклікалі? Чаму?
Шуміць ізноўку на шашы,

Шуміць, шуміць, шуміць машына.

Нідзе навокал ні душы,

Адно гамоняць шыны. (Р.Барадулін)


* Зрабіць транскрыпцыю 4 радкоў (вусна).

Практыкаванне 17. З дапамогай якіх гукаў ствараецца алітэрацыя, якія асацыяцыі яна выклікае?
Хвошча, хвошча дождж.

Воўк схаваўся ў хвошч.

Сам пад хвашчом,

А хвост пад дажджом. (В.Вітка)

Тачу, тачу, абточваю,

Начыста заточваю,

Канцы з канцамі сточваю.

Калі што не даточана,

А можа ператочана, –

Хутчэй


Хутчэй даточвайце

І не пераплочвайце. (В.Вітка)



Практыкаванне 18. Гульня “Хто лепш”

Паспрабуце пры дапамозе інтанацыі надаць фразам Куды едзеш? і Дзе ўзяў? розныя эмацыянальныя адценні (цікаўнасці, пагрозы, дакору, трывогі, здзіўлення, неўразумення, страху, замілавання). Апішыце сітуацыі, у якіх могуць ужывацца розныя тыпы інтанацыйнага афармлення.


Практыкаванне 19. (пісьмова) Перакладзіце на беларускую мову. Пракаменціруйце сэнс выказвання.
Я сделался настоящим мастером-педагогом только тогда, когда научился говорить «иди сюда» с пятнадцатью – двадцатью оттенками, когда научился давать двадцать нюансов в постановке … голоса. И тогда я не боялся, что кто-то ко мне не подойдёт или не почувствует того, что нужно. А.Макаренко.
* Практыкаванне 20. Вызначце сэнсава-інтанацыйную ролю асанансу на і, ы ў першай страфе верша Я.Купалы “Дзве сястры”.


На тутэйшай зямлі

Дзве сястрыцы жылі,

Як забытыя ў лесе каліны.

Жыватворных крыніц

Не было для сястрыц, –

Яны вялі і сохлі націнай.


* Практыкаванне 21. Падумайце, на чым грунтуецца мастацкая вобразнасць у наступных вершаваных радках.


Адшліфана ў вяках,

Гучыць то востра,

то ласкава:

І быццам брытва – асака,

І слова мяккае – атава.

Г.Кляўко



?! Ці пераканаліся вы ў тым, што неабходна чытаць удумліва, павольна, каб пачуць поўную сэнсу музыку гукаў?


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка