§ 12. Фразеалагізмы. Прыказкі. Афарызмы




Дата канвертавання12.05.2016
Памер44.37 Kb.
§ 12. Фразеалагізмы. Прыказкі. Афарызмы


Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі, –

Ты самацветаў яскравая нізка.

Уладзімір Дубоўка

Побач са звычайнымі словамі і словазлучэннямі ў нашай мове шырока ўжываюцца ўстойлівыя адзінкі: гады ў рады, мазоліць вочы, язык распусціць, белая варона, з’ехаць з глузду, біць лынды, сёмая вада на кісялі, на векі вечныя, лебядзіная песня, ахілесава пята і да т.п. Гэта – ф р а з е а л а г і з м ы. Я ны складаюцца не менш з двух слоў-кампанентаў і валодаюць адзіным, цэласным значэннем, якое часта зусім не вынікае з першаснага значэння састаўных частак, фразеалагізмаў (параўнайце сабаку з’еў – набыў вопыт, майстэрства ў нейкай справе; даць лататы – уцячы; мухі ў носе – пра ўпартага, капрызнага чалавека).



Фразеалагізмы – сінтаксічна непадзельныя адзінкі, гэта значыць выступаюць у ролі аднаго члена сказа. Яны не з’яўляюцца часцінамі мовы, але па значэнні і сінтаксічнай функцыі адпавядаюць пэўным часцінам мовы: назоўнікам (грушы на вярбе – хлусня, небыліцы; кракадзілавы слёзы – прытворнае шкадаванне), прыметнікам (лісам падшыты – вельмі хітры; кроў з малаком – здаровы, моцны), дзеясловам (задраць нос – зазнацца; крывіць душой – паступаць няшчыра, падманваць) і г.д. Фразеалагізмы значна ажыўляюць мову, робяць яе вобразнай, эмацыянальнай, сакавітай, дапамагаюць пазбегнуць паўтораў. Асабліва ярка гэта праяўляецца ў мове мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. Вывучае фразеалагізмы параўнальна новы раздзел мовазнаўства – фразеалогія.

Сапраўднымі залацінкамі народнай мудрасці з’яўляюцца п р ы к а з к і – трапныя лаканічныя выслоўі павучальнага зместу: адклад не ідзе на лад; што пасееш, тое і пажнеш; пад ляжачы камень і вада не цячэ; з песні слова не выкінеш; глыбей ўзарэш – болей збярэш; век жыві – век вучыся. У прыказках выявіўся гістарычны вопыт, жыццёвая назіральнасць, калектыўны розум многіх пакаленняў. Гэта сапраўдныя фальклорныя творы ў мініяцюры, якія звычайна грунтуюцца на цэласных мастацкіх вобразах: тады слова – серабро, калі справа – золата; адзін з’еш хоць вала – адна хвала; да пары збан ваду носіць; шыла ў мяшку не схаваеш; абяцаная шапка на вушы не лезе. У адрозненне ад фразеалагізмаў прыказкі сінтаксічна падзельныя – у іх можна вылучыць асобныя члены сказа.



А ф а р ы з м ы, або к р ы л а т ы я в ы с л о ў і, - трапныя выказвані, аўтарства якіх дакладна вядомае. Гэтым яны адрозніваюцца ад іншых ўстойлівых зваротаў. Афарызмам уласцівы лаканічнасць і выразнасць, вобразнасць і глыбіня думкі: добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш (Я.Колас); дум не скуеш ланцугамі (Я.Купала); кожны чалавек – гэта цэлы свет (К.Чорны); хваробы лечаць і атрутамі (М.Багдановіч); каб сонца засланіць вушэй асліных мала (К.Крапіва ). У беларускай літаратурнай мове ўжываюцца шматлікія афарызмы, што належаць вядомым асобам розных часоў і народаў: а ўсё ж такі яна верціцца! (Галілей); хто маўчаць не ўмее, той і гаварыць не здольны (Сенека); чалавек – гэта гучыць горда (М.Горкі); руплівасць – маці поспеху (Сервантэс); а Васька слухае ды есць (І.Крылоў).

Выкарыстанне фразеалагізмаў, прыказак, афарызмаў узбагачае і ўпрыгожвае мову, надае ёй непаўторны каларыт, выразнасць, маляўнічасць, з’яўляецца сведчаннем высокай маўленчай культуры.



Практыкаванне 54. Выпішыце фразеалагізмы
Даць маху, даць падручнік, падаць руку дапамогі, падаць руку, (усё) валіцца з рук, валіцца дрэва, рукой падаць, падаць кнігу, брацца за галаву, брацца за справу, малоць языком, малоць зерне, вастрыць зубы, вастрыць нож, кляваць носам, кляваць зерне, як піць даць, трэба даць піць.
Практыкаванне 55. Прыдумайце жыццёвыя сітуацыі, да якіх маглі б быць дастасаваны наступныя прыказкі. Вусна складзіце невялікія апавяданні адпаведнага зместу.
1. Ранняя птушка зерне клюе, а поздняя вочкі трэ. 2. Ласка горы разбівае. 3. Хто не ідзе, той не спатыкаецца. 4. Ад хаты адбіўся, у палац не трапіў. 5. Чым абы-які, то лепш ніякі. 6. Хто парася ўкраў, таму ў вушах пішчыць. 7. На сваім сметніку і певень гаспадар. 8. Злоўленая рыба есці не хоча. 9. Дыму без агню не бывае. 10. Як пасцелеш – так і выспішся.

Практыкаванне 56. Спішыце, падкрэсліце фразеалагізмы.
1. Да гэтага мястэчка ад нас рукой падаць.( Л.Калюга.) 2. Разведчыкі з выгляду зухаватыя, рашучыя. Любяць пусціць пыл у вочы.( І.Н.) 3. Яшчэ зімою ў восьмым класе Ірачка ўбіла сабе ў галаву, што яна будзе доктарам, для пачатку хаця б медсястрою.( Гіг.) 4. косцік яшчэ больш разгубіўся, збянтэжыўсся – яго ж не цягнулі за язык, навошта было ва ўсім гэтак шчыра прызнавацца? ( Сач.) 5. Ёсць народ. Які заўсёды на грэбні нечуваных бед нястомна бараніў свабоду, браў пад крыло змарнелы свет. ( С.З. ) 6. Была ў міхала неёкая капеёка, але ж ён бярог яе на чорны дзень і аб тым, каб патраціць гэтыя грошы, не мог і думаць.( А.Ч. ) 7. Цяпер там жыта, як гай, з небам гамоніць.( Грах.)

* Вызначыць сэнс фразеалагізмаў, якім членам сказа яны з’яўляюцца.


Практыкаванне 57 (вусна). Назавіце аўтараў крылатых выразаў і афарызмаў.



  1. Мой родны кут, як ты мне мілы!..

  2. Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала.

  3. Чалавек без радзімы – жабрак.

  4. Пад кола, жаба, не падлазь.

  5. Забілі зайца, не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі.


Практыкаванне 58. Якія са слоў дадзеных у дужках, з’яўляюцца сінонімамі да наступных фразеалагізмаў?
Стаяць у вачах (бачыць, помніцца, жыць у памяці, разгледзець, адшукаць);

на макава зерне (з камароў нос, крыху, вельмі, нямнога, малы);

на валаску (трымаецца, ледзьве, мала, вісіць, ліпіць);

наступаць на пяты (ісці, даганяць, плесціся, гнацца, плысці);

будаваць паветраныя замкі (думаць, марыць, летуценіць, мроіць, разважаць);

не сваім голасам (моцна, гучна, ціха, прарэзліва, мілагучна);



зарубіць на носе (запісаць, запомніць, не забыць, занантаваць, урэзацца ў памяць).

Пытанні для самаправеркі.

  1. Якія моўныя адзінкі называюцца фразеалагізмамі?

  2. Назавіце асноўную стылістычную рысу фразеалагізмаў?

  3. Што з’яўляецца адзінай крыніцай фразеалагізмаў?

  4. Дакажыце, што прыказкі – сапраўдныя залацінкі народнай мудрасці.

  5. Чым афарызмы адрозніваюцца ад іншых устойлівых зваротаў?

  6. Назавіце асноўныя прыкметы афарызмаў.

  7. Выкарыстанне фразеалагізмаў, прыказак, афарызмаў узбагачае і ўпрыгожвае мову, надае ёй …. Дапоўніце сказ.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка